Адкрыць асноўныя матэрыялы

Адкрыць змест

УРОК 9

Як дасягнуць шчасця ў сям’і?

Як дасягнуць шчасця ў сям’і?

1. Чаму важна зарэгістраваць шлюб?

Ягова, Творца сям’і,— шчаслівы Бог, які жадае, каб усе сем’і былі шчаслівымі (1 Цімафея 1:11, пераклад В. Сёмухі). Каб сям’я была шчаслівай, важна зарэгістраваць шлюб. Гэта стварае добрыя ўмовы для выхавання дзяцей і дае адчуванне стабільнасці ўсім членам сям’і. Хрысціянам важна прытрымлівацца мясцовых законаў аб рэгістрацыі шлюбу. Прачытайце Лукі 2:1, 4, 5.

Які погляд Бога на шлюб? Ён жадае, каб гэта быў трывалы саюз паміж мужчынам і жанчынай — саюз на ўсё жыццё. Ягова хоча, каб муж і жонка былі вернымі адно аднаму (Гебраяў 13:4). Бог ненавідзіць развод (Малахіі 2:16, пераклад Новага Свету, рус.). Але ён дазваляе хрысціянам развесціся і ўзяць новы шлюб у выпадку здрады мужа ці жонкі. Прачытайце Мацвея 19:3—6, 9.

2. Як муж і жонка павінны ставіцца адно да аднаго?

Ягова стварыў мужчыну і жанчыну, каб яны ў шлюбе дапаўнялі адно аднаго (Роду 2:18). Муж — галава сям’і, таму на ім ляжыць адказнасць забяспечваць жонку і дзяцей матэрыяльна, а таксама дапамагаць ім набліжацца да Бога. Мужу неабходна самааддана любіць сваю жонку. У сям’і абодва павінны любіць і паважаць адно аднаго. Паколькі ўсе людзі недасканалыя, вельмі важна вучыцца дараваць памылкі сваіх блізкіх. Гэта ключ да сямейнага шчасця. Прачытайце Эфесцаў 4:31, 32; 5:22—25, 33; 1 Пётры 3:7.

3. Ці трэба пакідаць сям’ю, калі шлюб нешчаслівы?

Калі ў шлюбе ўзнікаюць цяжкасці, мужу і жонцы трэба навучыцца ставіцца адно да аднаго з любоўю (1 Карынцянаў 13:4, 5). Слова Бога не падтрымлівае погляд, што пакідаць сям’ю і жыць асобна — дапушчальны спосаб вырашэння сямейных праблем. Прачытайце 1 Карынцянаў 7:10—13.

4. Дзеці, чаго Бог жадае для вас?

Ягова жадае, каб вы былі шчаслівымі. Ён дае вам найлепшыя парады, каб вы маглі радавацца сваёй маладосці. Бог хоча, каб вы былі паслухмянымі сваім бацькам, таму што ў іх больш мудрасці і вопыту (Калосцаў 3:20). Ягова таксама жадае, каб вы асабіста пераканаліся, якую вялікую радасць можна атрымаць, калі штосьці робіш для нашага Творцы і яго Сына. Прачытайце Эклезіяста 11:9—12:1; Мацвея 19:13—15; 21:15, 16.

5. Бацькі, як вы можаце спрыяць шчасцю сваіх дзяцей?

Безумоўна, вам неабходна рупліва працаваць, каб забяспечыць дзяцей ежай, адзеннем і жыллём (1 Цімафея 5:8). Але, каб вашы дзеці былі шчаслівымі, вам таксама неабходна вучыць іх любіць і слухацца Бога (Эфесцаў 6:4). Ваш асабісты прыклад любові да Бога можа моцна паўплываць на сэрца вашага дзіцяці. Вы зможаце сфарміраваць у дзіцяці правільнае мысленне, калі ваша настаўленне будзе заснавана на Слове Бога. Прачытайце Паўторнага Закону 6:4—7; Выслоўяў 22:6.

Дзеці маюць патрэбу ў пахвале і падбадзёрванні. Але таксама ім неабходны выпраўленне і дысцыпліна. Такое выхаванне засцеражэ іх ад учынкаў, якія могуць азмрочыць іх дзяцінства і нават паўплываць на ўсё жыццё (Выслоўяў 22:15). Аднак выпраўленне ніколі не павінна быць жорсткім або суровым. Прачытайце Калосцаў 3:21.

Сведкі Яговы выдалі некалькі кніг, прызначаных спецыяльна для бацькоў і дзяцей. Гэтыя публікацыі заснаваны на Бібліі. Прачытайце Псальм 19:8, 12.